Інфармацыя аб бязвізавым перамяшчэнні праз пункт пропуску Нацыянальны аэрапорт Мінск
З 27 ліпеня 2018 г. уступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, паводле якога грамадзяне 74 дзяржаў могуць уехаць і выехаць у Рэспублiку Беларусь у бязвізавым рэжыме на тэрмін да 30 сутак праз пункт пропуску праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь Нацыянальны аэрапорт Мінск.
Парадак бязвізавага перамяшчэння праз аэрапорт не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расійскай Федэрацыі, а таксама якія маюць намер ажыццявіць вылет у аэрапорты Расіі (дадзеныя рэйсы з'яўляюцца ўнутранымі, пагранічны кантроль на іх не ажыццяўляецца).
Тэрмін бязвізавага знаходжання вылічаецца ў цэлых каляндарных сутках; першым суткам адпавядае дата прыбыцця, апошнім — дата ўбыцця (па-за залежнасці ад часу прыбыцця і / або ўбыцця).
Бязвізавы рэжым не распаўсюджвае сваё дзеянне на ўладальнікаў дыпламатычных, службовых, спецыяльных і іншых прыраўнаваных да іх пашпартоў.
Паездка ажыццяўляецца з прыватнай, дзелавой, турыстычнай і іншымі мэтамі, не звязанымі з працаўладкаваннем, заняткам камерцыйнай дзейнасцю і навучаннем, тэрмін якога перавышае 30 сутак.
Для ўезду ў Рэспубліку Беларусь у бязвізавым рэжыме праз пункт пропуску Нацыянальны аэрапорт Мінск замежным грамадзянам неабходна пры сабе мець:
- сапраўдны агульнаграмадзянскі пашпарт, тэрмін дзеяння якога павінен перавышаць дату мяркуемага выезду з Рэспублікі Беларусь не менш чым на 90 сутак;
- грашовыя сродкі: на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш чым 2 базавым велічыням, альбо 50 базавых велічынь, калі знаходжанне складзе поўныя 30 дзён;
- медыцынскі страхавы поліс на суму не менш за 10 000 еўра, сапраўдны на Беларусі на працягу ўсяго тэрміну знаходжання.
ВАЖНА: Пры знаходжанні ў Беларусі больш за 5 рабочых дзён замежным грамадзянам неабходна зарэгістравацца ў падраздзяленнях па грамадзянстве і міграцыі тэрытарыяльных органаў унутраных спраў. Пры пражыванні ў гасцініцах, хостэлах, санаторыях і іншых калектыўных сродках размяшчэння рэгістрацыя замежных грамадзян ажыццяўляецца адміністрацыямі такіх устаноў пры засяленні.
Тэрмін бязвізавага знаходжання не можа быць прадоўжаны звыш устаноўленых 30 сутак.